- Мы абслугоўваем жыллёвы фонд, прыватны сектар і інтэрнаты, - расказвае выконваючая абавязкі начальніка разлікова-даведачнага цэнтра Таццяна Слуцкая. - Магу сказаць, што даўжнікоў па жылым фондзе менш. 468 кватэр (прыкладна кожная дваццатая) маюць запазычанасць на 1 снежня. Аднак сума доўгу склала 118 мільёнаў рублёў. Параўнальна невялікая запазычанасць сярод жыхароў інтэрнатаў, яна склала каля 9 мільёнаў беларускіх рублёў.
Паводле слоў Таццяны Сцяпанаўны, найбольшай праблемай для ЖКГ горада з'яўляюцца запазычанасць па аплаце вывазу смецця.
- Такіх у нас 3929 рахункаў, а ўсяго іх - 13999, - распавядае Таццяна Сцяпанаўна. – Атрымліваецца, што амаль кожная чацвёртая сям'я не разлічылася за вываз смецця. Агульны доўг складае 80 млн. рублёў.
Пры гэтым кошт аплаты вывазу смецця за чацвёрты квартал бягучага года - 3570 рублёў з чалавека ў горадзе і 2980 рублёў - у сельскай мясцовасці.
- Гэта няшмат, - кажа Таццяна Слуцкая. - На сям'ю з чатырох чалавек выйдзе да 15 тысяч у квартал.
Аднак нават з-за такіх невялікіх сум у разлікова-касавым цэнтры ўспыхваюць сваркі і скандалы.
- Мы выклікаем да сябе тых, хто не заключыў дагавор на вываз смецця, і прапаноўваем яго заключыць, - распавядае Таццяна Сцяпанаўна. - Каб вы бачылі і чулі, колькі ўзнікае спрэчак! Людзі пачынаюць даказваць, маўляў, а ў мяне няма смецця. Я спальваю. Пераконваем, кажам, што спальваць смецце нельга, асабліва пластык. Бо гэта забруджвае нашу атмасферу, дрэнна ўплывае на экалогію. Яны ў адказ - мы будзем самі тады вывозіць.
Але, аказваецца, нават для таго, каб вывезці смецце самастойна, патрэбна заключыць дагавор з ЖКГ, таму што менавіта гэтая арганізацыя адказвае за стан існуючых афіцыйных сметнікаў, а таксама за стварэнне новых.
Для неплацельшчыкаў у ЖКГ існуе цэлая праграма мер. Калі чалавек не плаціць месяц-два, яму дасылаецца пісьмовае папярэджанне, у якім адзначаецца сума запазычанасці і меры, якія будуць прыняты ў выпадку неаплаты.
- Калі рэакцыі няма, то мы ўключаем дазвон, - апісвае прынцып работы з даўжнікамі Таццяна Сцяпанаўна. - У гэтыя дні з 6.00 да 7.30 і вечарам з 21.00 да 23.00 у кватэрах неплацельшчыкаў раздаюцца званкі з просьбай заплаціць за камунальныя паслугі. Але магу сказаць, што і тут сутыкаемся з перашкодамі.
Мера гэта эфектыўная, але не даступная да кожнага. Ёсць у нас сем'і, у якіх няма тэлефона - яго даўно адключылі за даўгі.
Калі чалавек не плаціць і далей, больш за 2 месяцы, то яму дасылаюцца папярэджанні пра адключэнне гарачай вады. Усяго за бягучы год у Кобрыне было адключана чатыры кватэры.
- У рэшце рэшт, калі ніякія меры не дапамагаюць, то падаем у суд, - канстатуе Таццяна Сцяпанаўна. - На сённяшні дзень у Кобрынскім судзе знаходзіцца 469 заяў на спагнанне 93 мільёнаў беларускіх рублёў.
Таццяна Слуцкая адзначае, што недаплаты прыводзяць да недахопу сродкаў на бягучы рамонт і інш.
Настасся ЗАНЬКО.
Поделиться в соцсетях: