Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Будаваць – клапаціцца пра будучыню

12/08/2009 Строим

    Яны робяць наш горад прыгожым. Зараз, напярэдадні фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009” мы кожны дзень бачым іх на вуліцах горада - нягледзячы на цяжкасці і надвор’е, яны ўносяць у аблічча Кобрына ўсё новыя і новыя рысы… Яны сталі галоўнымі персанажамі гарадскога жыцця – мы захапляемся іх працай, спачуваем ім, перажываем за іх – ці паспеюць у тэрміны?

    Яны – будаўнікі. І менавіта ім быў прысвечаны ўрачысты вечар, які адбыўся нядаўна ў Кобрынскім Доме культуры. Святочная атмасфера тут адчувалася адразу пасля ўваходу – бадзёрымі і ўрачыстымі мелодыямі гасцей сустракаў Кобрынскі народны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Яўгена Бельскага, а побач, у фае, усе жадаючыя мелі магчымасць пазнаёміцца з творчымі работамі узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кобрынскага ДК “Натхненне”. І пачаўся вечар таксама з відовішчнага канцэрта: павіншаваць кобрынскіх будаўнікоў прыехалі госці са сталіцы - Мінскі шоу-балет “Феерыя” і ансамбль жывога гуку “Стрым”.

    Як паведаміў у час свайго выступлення на вечары дырэктар ААТ “Будаўнічы трэст №33” Аркадзь Замковіч, сённяшні Дзень будаўніка ў нашым горадзе падводзіць вынікі вялікай і напружанай працы. Будаўнікі ўносяць вялікі ўклад у добраўпарадкаванне горада. Развіваецца і сам трэст – растуць аб’ёмы будаўніча-мантажных работ, павялічваюцца інвестыцыі, за апошнія тры гады ўдалося дасягнуць значных фінансава-эканамічных паказчыкаў, напрыклад, у параўнанні з 2006 годам у 2,2 раза павялічыліся аб’ёмы падрадных работ. Сёлета трэсту спаўняецца 20 гадоў.

    Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Павел Кірылюк, будаўнік – адна з тых прафесій, чыя праца неабходна ўсім. Будаваць – значыць ствараць, клапаціцца пра будучыню. Менавіта таму сёння, як і ва ўсе часы, будаўнікі карыстаюцца заслужанай пашанай і павагай. Лядовая арэна, аквапарк, амфітэатр, набярэжная, вяслярны канал, рэканструкцыя Дома культуры… За кожным з гэтых аб’ектаў - людзі. Прарабы, майстры, брыгадзіры, муляры, тынкоўшчыкі – у гэты вечар у зале, якая ледзьве змагла ўмясціць усіх, героямі былі яны – сціплыя і нешматслоўныя людзі справы…

    Скончыўся ўрачысты вечар, уручаны ўзнагароды, адгучалі песні і віншаванні ў адрас будаўнікоў. Наперадзе яшчэ шмат работы, якая вельмі патрэбна ўсім нам.

    Дзмітрый БЯЛОЎ.

    НА ЗДЫМКУ аўтара: Павел Кірылюк уручае Пісьмо падзякі Брэсцкага аблвыканкама Анатолію Панасіку – інжынеру-механіку адасобленага структурнага падраздзялення БУ №279 ААТ “Будаўнічы трэст №33”.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу