Прогноз погоды
Вс, 18 мая 2025

Время реальных дел. Ставка на новые технологии.

21/09/2015 Сельское хозяйство Время реальных дел

На працягу апошніх 15 гадоў у Беларусі назіраецца ўстойлівы рост сельскагаспадарчай вытворчасці, а гэта ў сваю чаргу харчовая бяспека. Наша рэспубліка па асноўных відах сельгаспрадукцыі займае лідзіруючыя пазіцыі на ўсёй постсавецкай прасторы. Запатрабаванні насельніцтва ў прадуктах харчавання на 85% забяспечваюцца за кошт айчыннай вытворчасці. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае і Кобрыншчына.
Асабліва паказальнай у рабоце сельскай гаспадаркі стала ўборачная кампанія гэтага года. Здавалася, анамальная спякота не пакінула надзеі аграрыям. Тым не менш ураджай збожжа парадаваў: другі год запар ён дасягнуў адзнакі ў 100000 тон.
Сучасная тэхніка дазваляе правесці як пасяўную, так і ўборачную ў скарочаныя тэрміны. Энерганасычаныя трактары і камбайны за адзін праход выконваюць значна больш работ, чым гэта было, скажам, нават дваццаць гадоў таму. Эканоміцца не толькі час, але і паліва. У сучасных абставінах гэта становіцца асабліва важным. Добра працуе і дылерскі цэнтр, дзе літаральна на працягу аднаго-двух дзён выконваюцца якасныя рамонтныя работы, забяспечваецца гарантыйнае і паслягарантыйнае абслугоўванне.
Паступова распаўсюджваецца і так званае дакладнае земляробства, калі комплексныя ўгнаенні і работы па хімічнай абороне раслін праводзяцца не па ўсёй плошчы поля аднолькава, а мэтанакіравана. Спадзяемся, што ў хуткім часе новая тэхналогія будзе і нашай прэрагатывай таксама, тым больш, што першыя крокі ў гэтым накірунку зроблены. У Кобрынскім раёне складзена электронная база вядзення севазвароту палёў. Зазірнуўшы ў камп’ютар, можна пабачыць агранамічную гісторыю кожнай зямельнай пляцоўкі, а гэта ўжо значна палягчае працу адпаведных спецыялістаў. Дваццаць гадоў таму пра такое нават марыць баяліся. Як запэўніў Сяргей Дзенісевіч, такія ж электронныя карты плануецца стварыць і для кожнай гаспадаркі.
У некаторых прыватных фермерскіх гаспадарках практыкуецца экалагічнае земляробства, дзе выключаецца прымяненне якой бы то ні было хіміі.
Па-райнешаму вядуцца меліярацыйныя работы, і некаторыя гаспадаркі выконваюць іх уласнымі сіламі. У выніку  апрацоўваюцца новыя палі, што таксама дае станоўчую дынаміку. Сёлета ў гэтым накірунку добра спрацавалі ў СВК “Раданежскі”, ААТ “Стрыгава”, СВК “Пакроўскі”.
Сёлетняе надвор’е аказалася неспрыяльным і для нарыхтоўкі кармоў, але ж і тут у раёне спрацавалі добра. Па нізінах усё ж такі зрабілі другі ўкос, да таго ж і кармавыя культуры няхай і не далі жаданага ўраджаю, але дазваляюць забяспечыць гаспадаркі кармамі да будучага нарыхтоўчага сезона. Ды і новыя рацыёны кармлення, заснаваныя на еўрапейскіх тэхналогіях, апраўдваюць сябе.
Сучасныя кормараздатчыкі, новыя малочнатаварныя фермы, 9 з якіх на Кобрыншчыне камп’ютарызаваныя, спрыяюць атрыманню больш якаснай прадукцыі. Напрыклад, СВК “Узыходзячая зара” на працягу многіх гадоў здае 100% малака сортам “экстра”. За добрую якасць малочнай прадукцыі можна адзначыць і такія гаспадаркі, як ААТ “Гарадзец-агра”, СВК “Пакроўскі”, ААТ “Астромічы”, ААТ “Агра-Кобрынскае”, ДСУП “Сяльгас-Павіцце” і іншыя.
Вялікая ўвага надаецца ўмовам працы ў сельскай гаспадарцы. Сучасныя трактары і камбайны абсталяваны кандыцыянерамі, што дазваляе механізатарам камфортна адчуваць сябе ў любое надвор’е. Усе сельгаспрадпрыемствы забяспечаны сучаснымі пакоямі адпачынку, душавымі кабінкамі і іншымі неабходнымі прыстасаваннямі, якія былі недаступнымі ў недалёкім мінулым. Добраўпарадкаваныя майстэрні і тэрыторыі аб’ектаў таксама спрыяюць таму, каб праца была ў радасць. Працаўнікі забяспечаны патрэбнымі сродкамі абароны і спецвопраткай. Усе пералічаныя моманты знаходзяцца пад пільнай увагай прафсаюзаў.
Маладыя спецыялісты, якія па размеркаванні прыходзяць працаваць у гаспадаркі, забяспечваюцца службовым жыллём і атрымліваюць фінансавую дапамогу.
У апошнія гады намецілася тэндэнцыя стварэння аграхолдынгаў. І трэба адзначыць, што аб’яднанне гаспадарак, якія дагэтуль пляліся ў хвасце, з больш моцнымі дае свае вынікі. Агульны рэсурс людзей, тэхнікі і палёў дазваляе працаваць больш эфектыўна. Добрым прыкладам у гэтым з’яўляюцца тыя ж ААТ “Гарадзец-агра” і СВК “Раданежскі”.
Глядзіш на сучаснае становішча аграпрамысловага комплексу і разумееш: гэта тая галіна, якая проста не можа быць у заняпадзе.
Наталля НІЖНІК.
Фота з архіва рэдакцыі.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу