Прогноз погоды
Вс, 18 мая 2025

Ураджай-2010: У дзве змены

14/04/2010 Сельское хозяйство

...Пахмурнелае неба сыпала дробным дожджыкам, а ўдалечыні на раўнюткім полі раўнамерна і няспешна рухаўся блакітны “Беларус”. Параўнаўшыся з намі, на кароткі час прыпыніўся. Механізатар Віктар Асійчук засыпаў насенне ў ячэйкі сеяльнага агрэгата і неўзабаве рушыў далей. Веснавы час дарагі, трэба спяшацца.

Тут, каля вёскі Мельнікі, механізатары сельгаскааператыва “Батчы” падрыхтавалі да сяўбы гараднінных культур 107-гектарную плошчу. Як толькі стала магчыма, распачалі сяўбу цыбулі галандскага сорту. Дробныя зярняткі месцяцца ў невялікай кардоннай каробцы, праз пэўны прамежак часу Віктар Асійчук запраўляе насенным матэрыялам спецыяльную сеялку і працягвае справу.Праўду кажучы, нават не верыцца, што з такой драбязы нарасце цыбуля-рэпка, якой мяркуюць сабраць па 350 цэнтнераў з гектара. Аднак батчынскія земляробы ўпэўнены ў гэтым, таму што вырошчваннем агародніны займаюцца ўжо даўно, ёсць вопыт. Цыбуля, напрыклад, забяспечвае добрую рэнтабельнасць, таму сёлета тут адвялі пад яе 30 гектараў - на пяць гектараў больш, чым летась. Гаспадарка мае сваё гароднінасховішча і можа весці рэалізацыю вітаміннай прадукцыі не толькі восенню, але і зімой. Па гэтай прычыне сельгаскааператыў вырошчвае не толькі цыбулю, але і моркву, сталовыя буракі, капусту, садавіну.У суботу, калі гэты матэрыял будзе надрукаваны, сяўба цыбулі будзе завершана. Механізатары Віктар Асійчук і Анатоль Тарасюк вядуць работу ў дзве змены, выконваюць нормы ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Віктар Асійчук ўжо 24 гады працуе на палетках гаспадаркі, валодае багатым вопытам. Не ўступае яму ў працы і Анатоль. Пасля службы ў арміі ён сеў за трактар і свядома, з любоўю шчыруе на зямлі.

Таму кіраўніцтва сельгаскааператыва не сумняваецца ў тым, што ў сціслыя тэрміны механізатары справяцца з сяўбой цыбулі, морквы, буракоў, зялёнага гарошку і пасадкай бульбы.- На тых плошчах, дзе можа прайсці тэхніка, замінак ў рабоце не будзе, - упэўнены аграном СВК “Батчы” Аляксандр Конан.А вось маруднае паспяванне глебы з-за даволі частых дажджоў непакоіць земляробаў. Пры першай магчымасці тэхніка накіроўваецца на прыдатныя для работы ўчасткі.Аляксей МАКСІМЧЫК.НА ЗДЫМКУ Анатолія ШУГАЯ: аграном СВК “Батчы” Аляксандр Конан і механізатар Віктар Асійчук правяраюць якасць работы сеяльнага агрэгата.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу