У канцы жніўня адбыўся выязны семінар-вучоба з кіраўнікамі і галоўнымі заатэхнікамі сельгаспрадпрыемстваў раёна па пытанні вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і гатоўнасці ферм да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. Удзельнікі семінара пабывалі на малочнатаварных фермах вёсак Альхоўка, Верхалессе, Хадынічы СВК “Верхалескі”, а таксама на фермах СВК “Навасёлкаўскі”.Як адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алег Гангала, гэтыя гаспадаркі для семінара-вучобы выбраны не выпадкова. Праблем тут з вытворчасцю прадукцыі жывёлагадоўлі і гатоўнасцю ферм да зімы хоць адбаўляй. Але, як кажуць, гаспадар, чакаючы гасцей, заўсёды падмяце ў хаце. Працаўнікі ферм СВК “Верхалескі” імкнуліся навесці неабходны парадак у жывёлагадоўчых памяшканнях, на тэрыторыях ферм. Выкананы значны аб’ём работы, аднак паводле ацэнкі ўдзельнікаў семінара, фермы гаспадаркі яшчэ не поўнасцю гатовы да зімова-стойлавага ўтрымання статка. Так, на ферме в. Хадынічы плітка на падлозе выбіта, транспарцёры зняты, дах месцамі не адрамантаваны. Ды і на ферме в. Верхалессе дзверы ў жывёлагадоўчыя памяшканні не адрамантаваны і не ўцеплены. Месцамі ля ферм яшчэ не да канца ўбрана пустазелле. Між іншым, каб навесці належны парадак, асаблівых матэрыяльных затрат не патрэбна.Вялікая ўвага ўдзялялася таксама тэхналогіі прыгатавання кармоў і кармлення жывёлы. У гэтай справе, як пераканаліся ўдзельнікі семінара, ёсць яшчэ шмат недахопаў. Так, у цялятніку на ферме в. Верхалессе зялёную падкормку з кукурузы кармачы загружалі ў кармушкі ўручную, хоць у гаспадарцы ёсць кормараздатчык. Прычым кукуруза ўбіраласябез устаноўленых на ўборачны агрэгат спецыяльных цёрак, зерне ў няздробненым выглядзе трапляла на корм жывёле.Зразумела, што ў такой форме яно дрэнна засвойвалася. Дарэчы, на многіх фермах гаспадарак практыкуюць завозіць зялёную масу для падкормкі адзін раз у суткі. Яна адразу не з’ядаецца жывёлай, а награваецца і псуецца. Аб якой аддачы кармоў і іх рацыянальным выкарыстанні тут можна гаварыць? Аб строгім захаванні тэхналогі ўтрымання і кармлення жывёлы ішла размова і ў час падвядзення вынікаў семінара-вучобы. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама па жывёлагадоўлі Валянціна Валасюк, некаторыя гаспадаркі замест канцэнтратаў увялі ў рацыён жывёлы зерне ўласнага памолу. У выніку сем гаспадарак дапусцілі “мінус” па надоях малака.А ў цэлым яго вытворчасць склала 104 працэнты. Яно і зразумела, бо ва ўласным памоле каровы не атрымліваюць у неабходным аб’ёме ні мінеральных дабавак, ні іншых мікраэлементаў. Ды і адкуль узяцца малаку на такім рацыёне? Няўжо яшчэ патрэбна ў наш час угаворваць кіраўнікоў і галоўных тэхнолагаў жывёлагадоўлі, каб строга захоўваць тэхналогію? Неабходна таксама актывізаваць работу па падрыхтоўцы жывёлагадоўчых памяшканняў да зімы. Ставіцца задача ў першыя дні верасня забраць з адгонных паш у памяшканні маладняк буйной рагатай жывёлы, а да канца месяца паставіць на стойлавае ўтрыманне і дойны статак. Галоўны заатэхнік райплемстанцыі Павел Голад засяродзіў увагу ўдзельнікаў семінара на паляпшэнні вынікаў работы па ўзнаўленні дойнага статка, атрыманні і захаванасці маладняку.- Падобныя семінары-вучобу мы і далей будзем практыкаваць праводзіць штомесячна ў тых гаспадарках, дзе найбольш праблем у развіцці жывёлагадоўлі, - сказаў у заключэнне Алег Гангала.Аляксей САЦУК.
Поделиться в соцсетях: