Раніца 11 верасня выдалася дажджлівай. Увесь небасхіл уяўляў сабой суцэльную цёмную хмару, і здавалася, што патокі вады будуць абрушвацца на зямлю бясконца. Аднак чым бліжэй была Маларыта, дзе ў суботу ладзіўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2010”, тым слабей станавіўся напор стыхіі.Урэшце рэшт горад сустракаў гасцей свята сваім абноўленым абліччам, радасна. Паступова дождж спыніўся, а ўпаследку і сонца вызвалілася з “абдымкаў” аблокаў, і хараство, створанае працаўнікамі да фестывалю-кірмашу, уразіла яшчэ больш.На адрамантаваных вуліцах, якія вялі да ўпрыгожанай цэнтральнай плошчы Маларыты, ужо выстраіліся гандлёвыя рады, дзе можна было набыць тавар на любы густ.
Сапраўды, усім багатая Брэстчына: прадукцыяй аграрнай галіны, прамысловасці, народных умельцаў, фермераў, прыватных прамыслоўцаў. Для гараджан і гасцей было ўсё: адзенне,абутак, мноства прысмакаў,рыба, мёд. І на ўсю Маларыту гучалі музыка і песні, лепшыя мастацкія калектывы нашай вобласці віталі перадавікоў сельгасвытворчасці.На пляцоўках горада разыгрывалася “жывая” латарэя,дзе можна было выйграць парсючка, пеўня, качку.У вызначаны час старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар,яго намеснікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь,член Прэзідыума Саўміна,Герой Беларусі Пётр Пракаповіч, шэраг адказных работнікаў аблвыканкама віталі дэлегацыі раёнаў вобласці,што прыбылі на дажынкі. Іх сардэчна сустракалі прадстаўнікі раёнаў, частавалі хлебам-соллю, зычылі дабра і міру.Затым уся калона ўдзельнікаў урачыстасцей рушыла да абуладкаванай плошчы горада.
Са сцэны абласных дажынак кіраўнік Брэстчыны Канстанцін Сумар віншаваў сапраўдных герояў-аграрыяў,адзначаючы пры гэтым, што карані нашага народа трывала звязаны з вёскай і працай на зямлі, а багаты ўраджай быў асновай дастатку ў доме,стабільнасці ў грамадстве і гарантыяй харчовай бяспекі дзяржавы. Невыпадкова, што кіраўніцтва краіны цвёрда трымае курс на ўсебаковую падтрымку і развіццё аграрнага сектара эканомікі, адраджэнне вёскі, будаўніцтва аграгарадкоў. Сёння, калі ў многіх краінах вострая праблема недахопу харчавання, правільнасць дзяржаўнай палітыкі відавочна для ўсіх.Аналізуючы ход выканання бягучай пяцігодкі, Канстанцін Андрэевіч адзначыў,што за чатыры гады на развіццё аграрнай галіны вобласці накіравана каля 4 трыльёнаў рублёў, а за першае паўгоддзе сёлета інвестыцыі перавысілі 900 мільярдаў рублёў. Укладанні даюць добрую аддачу. За апошнія тры гады вобласць упэўнена атрымлівае штогод па 1 мільёну 200 тысяч тон збожжа, каля 100 тысяч тон масла насення рапсу, нарошчвае вытворчасць бульбы, кармоў і іншых культур.
Гэта вынік умелай работы кадраў, аснашчэння вытворчасці сучаснай тэхнікай, укаранення перадавых тэхналогій вытворчасці.Умацаванне кармавой базы дазваляе вобласці штогод павялічваць дойны статак на 5 працэнтаў, прадуктыўнасць кароў дасягае 5000 кілаграмаў малака. Па вытворчасці малака вобласць ужо летась выйшла на 1 мільён 100 тысяч тон.Увогуле ў грашовым выражэнні вытворчасць сельгаспрадукцыі за пяцігодку павялічылася ў 1,5 раза, што дазволіла павялічыць сяльчанам зарплату амаль у трыразы. Сёлета яна складае ў сярэднім 739 тысяч рублёў.Аднак, як зазначыў Канстанцін Сумар, узровень аплаты працы ў аграрным сектары пакуль невысокі. Прэзідэнтам краіны пастаўлена задача давесці яе да 2015 года да 750 долараў.Гэты накірунак – адзіна правільны, пацвярджаецца вынікамі гэтага года, калі ва ўмовах анамальнага надвор’я, асабліва ў перыяд жніва ў вобласці атрымана з кожнага гектара па 30 цэнтнераў збожжа. Яго валавы збор склаў 1 мільён 67 тысяч тон.Сярод раёнаў самага высокага намалоту збожжа дасягнулі ў Баранавіцкім і Пружанскім раёнах, а самая высокая ўраджайнасць – у Брэсцкім і Камянецкім раёнах. Ураджайнасць звыш 40 цэнтнераў атрымалі ў 31 гаспадарцы вобласці, а ў СВК “Палеская ніва” Столінскага раёна і птушкафабрыцы “Дружба” Баранавіцкага раёна ў сярэднім з кожнага гектара сабрана па 61 цэнтнеру збожжа. Вобласць дастойна справілася з выкананнем задання па адгрузцы збожжа дзяржаве.
Выказваючы словы шчырай удзячнасці працаўнікам аграрнага комплексу, Канстанцін Сумар адзначыў, што іх майстэрства, стараннасць і самаадданасць будуць галоўнай перадумовай выканання яшчэ больш складаных задач наступнай пяцігодкі.Перадавікі спаборніцтва атрымалі ў дзень свята заслужаныя ўзнагароды. У гонардбайных майстроў сельскагаспадарчай нівы Брэстчыны быў дадзены вялікі святочны канцэрт.Аляксей ПЯНКО.
Поделиться в соцсетях: