Малочнатаварная ферма ў вёсцы Гарадзец. Жылыя дамы па вуліцах Пушкіна, Жукава і Дзяржынскага. Прыгожыя зборна-шчытавыя домікі ў сельскай мясцовасці.
Добраўпарадкаваныя дваровыя пляцоўкі ў горадзе… Усе гэтыя аб’екты аб’ядноўвае адно – работы на іх вядзе Кобрынская ПМК-16. Так, менавіта тая самая ПМК-16, якая зусім нядаўна ледзь не была ліквідавана з-за вялікіх страт.
Сёння сітуацыя кардынальна змянілася – толькі за адзін год аб’ём работ, выкананых механізаванай калонай, на чале якой нядаўна стаў Мікалай Лосікаў, вырас у 3,5 раза. Аб’ём падрадных работ, запланаваны на ўвесь бягучы год, ПМК-16 плануе выканаць ужо ў жніўні. Заработная плата рабочых-будаўнікоў сёння можа канкурыраваць нават з замежнымі будоўлямі і даходзіць да 3-х мільёнаў рублёў. У чым жа сакрэт?
- Для мяне галоўнай умовай прыёму чалавека на работу заўсёды былі два крытэрыі – вопыт і прафесіяналізм, - расказвае Мікалай Лосікаў. – Бясспрэчна, сітуацыя была цяжкай. Але ў любым выпадку самае галоўнае - правільна арганізаваць вытворчасць, знайсці шляхі да атрымання прыбытку.
Цяпер у ПМК-16 пастаянна працуюць каля 160 чалавек - яшчэ каля 60 занятыя на рабоце па падрадах. Самы буйны аб’ект – безумоўна, новая малочнатаварная ферма на 1000 галоў, якая ў хуткім часе будзе працаваць каля вёскі Гарадзец. Будоўля, сапраўды, уражвае. Як адзначыў Мікалай Кандрацьевіч, агульны кошт яе складзе калі 8,5 мільярда рублёў. У вобласці такіх усяго шаснаццаць. Увядзенне ў эксплуатацыю Гарадзецкай фермы плануецца ўжо ў канцы жніўня.
Тут ідуць работы завяршальнага цыкла – кладзецца плітка, працуюць тынкоўшчыкі, а побач ужо пачынаецца наладка новага сучаснага абсталявання. На будоўлі, каля малочна-даільнага блока мы сустрэлі майстра Мікалая Бобрыка.
- Калі мяне пытаюць наконт уражанняў ад нашага горада – я звычайна адказваю коратка і ясна, - усміхаецца майстар. – Таму што ўражанні – проста выдатныя. А што датычыцца работы ў ПМК-16, то згадзіцеся – навошта ехаць кудысьці за мяжу, калі тыя ж самыя грошы можна атрымліваць дома? Вось і яшчэ адзін сакрэт – людзі, якія тут працуюць, зацікаўленыя ў сваёй справе. Як вынік – мінімум так званай “цякучкі” кадраў. Ды і падыход да працы ў людзей, якія задаволеныя сваёй зарплатай, згадзіцеся, зусім іншы…Нашу ўвагу прыцягнула група зусім яшчэ маладзенькіх хлопцаў – роўненька, яны хутка і прафесіянальна клалі цэглу. Гэта аказаліся выпускнікі кобрынскага каледжа будаўнікоў – тыя, хто раней праходзіў тут практыку. А цяпер, пасля заканчэння вучобы, уладкаваліся і на працу.

- Сувязь з прафесійна-тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі, у прыватнасці з Кобрынскім каледжам, мы падтрымліваем пастаянна, - расказвае Мікалай Лосікаў. – У нас працуюць каля трыццаці выпускнікоў – і пяць маладых майстроў пасля будаўнічых ВНУ.
- Што датычыцца будаўніцтва домікаў на сяле, то мы вырашылі адмовіцца ад работ так званага “мокрага” цыклу, - расказвае Мікалай Лосікаў. - Зараз выкарыстоўваем зборна-шчытавыя канструкцыі, якія дазваляюць у кароткія тэрміны – літаральна за два тыдні – збіраць дом, што называецца, пад ключ. І гэта – у любое надвор’е…
Вырабляе гэтыя шчыты завод у Целяханах – зараз ПМК-16 плануе збіраць іх ужо ў Расіі, у прыватнасці – у горадзе Варонежы. Усяго сіламі будаўнікоў ПМК-16 на Кобрыншчыне на сённяшні дзень зманціравана каля 30 такіх дамоў, кожны з якіх стане шчаслівым падарункам для якой-небудзь вясковай сям’і. А сам Мікалай Лосікаў сапраўдным шчасцем лічыць... маладосць. Нездарма на яго прадпрыемстве сёння працуе так многа моладзі.
Фота аўтара.Мікалай Лосікаў і майстар Мікалай Бобрык, зборна-шчытавыя дамы у в. гарадзец, выпускнікі каледжа будаўнікоў, будаўніцтва малочна-таварнай фермы, брыгадзір маляроў Уладзімір Гапановіч