"Перапрацоўка сельгаспрадукцыі не толькі для Беларусі - для любой краіны ў сучасных умовах - набывае стратэгічнае значэнне, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Два мільярды насельніцтва ў свеце галадаюць. Усе бунты, якія адбываюцца сёння ў свеце, у тым ліку ў краінах Паўночнай Афрыкі, пачаліся таму, што не хапала прадуктаў харчавання, а тое, што было, - непад'ёмнае для 75 працэнтаў насельніцтва гэтых дзяржаў".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на заранку сваёй прэзідэнцкай дзейнасці "адбіў усялякія спробы прыватызацыі такіх галін, якія забяспечваюць харчовую бяспеку нашай дзяржавы". "Было выразна і адназначна заяўлена: мы самі павінны з гэтым справіцца", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Гэта датычылася малака- і мясаперапрацоўкі, мадэрнізацыі прадпрыемстваў па вытворчасці цукру, вытворчасці піва - усяго, што было звязана з прадуктамі харчавання.
Гаворачы аб малочнай галіне, Прэзідэнт адзначыў, што, вобразна кажучы, малако для Беларусі не проста тавар, а істотны фактар эканомікі і палітыкі, які аказвае сур'ёзны ўплыў як на забеспячэнне харчовай бяспекі, так і на нарошчванне экспарту. У Беларусі былі прыкладзены намаганні і затрачаны вялікія сродкі для дынамічнага развіцця малочнай галіны, дасягнуты добрыя вынікі. За 5 гадоў вытворчасць малака вырасла амаль на 35 працэнтаў. Забяспечыўшы ўнутраны рынак, больш як 50 працэнтаў малака, якое паступае на перапрацоўку, адправілі на экспарт. У мінулым годзе экспартавана амаль 4 млн.т малочнай прадукцыі. "І попыт на яе на сусветных рынках вельмі высокі. Геаграфія экспарту пашыраецца. У нас сёння ў чарзе стаяць: дайце малочную прадукцыю. Ужо нават пра цэны не пытаюцца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў новым пяцігоддзі задачы стаяць яшчэ больш маштабныя. Да 2015 года неабходна выйсці на ўзровень вытворчасці 10 млн.т малака ў год і падвоіць экспарт малочных прадуктаў. У краіне трэба будзе пабудаваць амаль 900 новых і мадэрнізаваць каля 1,4 тыс. малочнатаварных ферм, павялічыць пагалоўе дойнага статка, пашырыць кармавую базу, прадоўжыць развіццё перапрацоўчай прамысловасці.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь павінна атрымліваць максімальную выгаду за кошт экспарту высакаякаснай малочнай прадукцыі. Для вырашэння гэтых задач спатрэбяцца значныя ўкладанні.
Поделиться в соцсетях: