Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Падарожжа ў свет страусаў

04/05/2009 Сельское хозяйство

img_9699

    Мабыць, калі б яшчэ дзесятак гадоў назад нехта сказаў, што на кобрынскай зямлі будуць бегаць страусы, гэтага чалавека проста паднялі б на смех. Між тым страусіная ферма СТАА “ПМ і кампанія”, што ля вёскі Казішча, існуе ўжо больш за 6 гадоў.

    І ўсё ж такі чаму менавіта страусы? Калі быць дакладным – чорныя афрыканскія? Справа ў тым, што першы кіраўнік фірмы, Муса Шораў, калісьці пабачыў аналагічную ферму на тэрыторыі Польшчы. І – захапіўся... Так на Кобрыншчыне з’явілася страусіная ферма на тысячу галоў, што займае сёння каля 40 гектараў.

img_0936

    Як адзначыў дырэктар Аляксандр Працэвіч, аказалася, што страусы – нягледзячы на тое, што афрыканскія – вельмі добра вытрымліваюць мароз. Нават да 20 градусаў ніжэй нуля. Адзінае, чаго не пераносяць – вільготнай глебы і сырасці. Зараз на ферме каля 300 экзатычных птушак – жывуць страусы, дарэчы, сем’ямі – адзіны самец і 2-3 самкі. Кожны будынак – так званы “купал” - змяшчае па 12 сем’яў. Бацькоўскае пагалоўе складаюць 92 птушкі – акрамя іх ёсць яшчэ маладняк, падзелены па ўзросту, і інкубатар.Пра апошні трэба сказаць асобна. Справа ў тым, што калі дарослыя птушкі вялікіх праблем з адаптацыяй на беларускай зямлі не маюць, то ў інкубатары ўсё намнога складаней – так, толькі тэмпература на працягу 42 дзён, пакуль не вылупяцца страусяты, пры дапамозе хітрага абсталявання рэгулюецца да дзесятых долей (!) градуса. Важыць нованароджаны страус каля кілаграма – і першыя пяць дзён сілкуецца… праз пупавіну ад таго ж яйка, з якога вылупіўся. А ўжо праз год вага птушкі перавальвае за цэнтнер – растуць страусы хутка.

    Уражваюць, дарэчы, і самі яйкі. Уявіце сабе – у Кнізе рэкордаў Гінэса самае вялікае заважыла на 2 кілаграмы 300 грамаў. На ферме памятаюць выпадак, калі яйка дасягнула 2 кілаграмаў 170 грамаў – да рэкорду трошачкі недацягнулі… А ўвогуле адно страусінае адпавядае прыкладна гэтак трыццаці (!) курыным.

    Усё гэта, толькі намнога цікавей і падрабязней, раскажуць экскурсаводы фермы. Вось вы, напрыклад, ведаеце пра тое, што ў афрыканскім племені зулусаў, калі юнак збіраецца ажаніцца, ён павінен упаляваць страуса голымі рукамі? Прызнацца, калі я ўпершыню глянуў на “птушачку” вагой каля паўтара цэнтнера, няшчасных зулусаў мне стала проста шкада… Развеем яшчэ адзіны міф – ні ў які пясок у выпадку небяспекі страус галаву не хавае. Усё намнога сур’ёзней – калі птушку напужаць, яна проста… бяжыць. Вельмі хутка і не разбіраючы дарогі. І спыніць такую махіну ўжо можа аказацца праблематычным – як вядома, у прыродных умовах страус разганяецца да 60 кіламетраў у гадзіну. Таму і агароджа на ферме двайная… На ўсялякі выпадак.

    Ну як, цікава? Вось таму і экскурсіі тут – справа звычайная. Толькі за адзін месяц у канікулярны час сюды прыязджаюць да 5 тысяч наведвальнікаў з усёй Беларусі – усё ж такі ферма такіх маштабаў толькі адна – на Кобрыншчыне… А для кабрынчан у суботу і нядзелю з гарадскога аўтавакзала будзе хадзіць аўтобус.

    Акрамя таго, на ферме можна і перакусіць у спецыялізаваным кафэ, і набыць сувеніры – пер’е вялікай птушкі, як і яйкі, ва ўмелых руках ператвараюцца ў сапраўдныя цуды. Так што, паважаныя чытачы, калі вы стаміліся ад гарадской мітусні і шуму, зрабіце сабе і сваім дзецям падарунак – здзейсніце экзатычнае падарожжа ў свет страусаў.

    Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара і з архіва СТАА “ПМ і кампанія”

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу