Узнагароды знайшлі сваіх герояў
У аптымальныя тэрміны быў завершаны першы ўкос траў. На нарыхтоўцы кармоў механізатары шчыравалі з ранку да вечара.
Падзякаваць за старанную працу ў гаспадаркі, дзе былі вызначаны лідары на нарыхтоўцы кармоў, адправіўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук.
Валянцін Марчук з ААТ “Пакроўскі” быў вызначаны як лепшы трактарыст, які сабраў 5887 тон зялёнай масы. Трактарысту з пятнаццацігадовым стажам падуладна любая тэхніка, ёсць і жаданне плённа працаваць. Таму Ліст падзякі абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса і аблсяльгаспрода з грашовай прэміяй знайшлі свайго адрасата.
Мікалая Якаўчука з ААТ “Кісялёўцы” мы засталі ў полі. За час першага ўкосу мужчына на трактары МТЗ агарнуў і згроб зялёнай масы з плошчы ў 522 гектары. Механізатар у гаспадарцы з 2000 года, і шчыруе не толькі ў полі, а, калі патрэбна, і ўгнаенне падвязе, і на ферме дапаможа. Раздзяліць прыемны момант прыехаў старшыня гаспадаркі Мікалай Трафімук, які таксама адзначыў работніка за добрасумленную працу.
Фёдар Гелемент з ААТ “Кутузаўскі”, які стаў лепшым ў раёне ў касьбе, больш за трыццаць гадоў працуе ў гаспадарцы, адзінаццаць з якіх – за баранкай трактара. А час ўборачнай прыйдзе – камбайн перасядзе. Ён таксама ад зары да зары шчыраваў на палях, таму лепшы паказчык – вынік штодзённай няпростай працы.
Першым на адвозцы кармоў стаў Руслан Дземчык з ДСУП “Сяльгас-Павіцце”, які на МАЗе перавёз з поля 1398 тон зялёнай масы. Мужчына працуе ў гаспадарцы ўсяго 2,5 месяца, але сваёй працавітасцю ўжо зарабіў аўтарытэт.
У час выканання прыемнай місіі Васіль Лазарчук інспектаваў і ўмовы працы работнікаў, у прыватнасці выкананне аднаго з самага важнага стандарта – забеспячэння двухразовым гарачым харчаваннем усіх работнікаў, занятых ў полі.
Людміла ПАШКОВІЧ.
ЗДЫМКІ аўтара.
Поделиться в соцсетях: