Поўным ходам ідзе ў гаспадарках жніво: выкарыстоўваючы спрыяльнае надвор’е, хлебаробы прыкладаюць усе сілы, каб не губляць ніводнай хвіліны. Сапраўдным святам жніва і працы стала на Кобрыншчыне мінулая нядзеля, у якую прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання адразу трох экіпажаў, якія першымі намалацілі больш за тысячу тон збожжа.
Ушанаванне ўсіх экіпажаў у адзін дзень – не выпадковасць. Справа ў тым, што сёлета рэкардсмены жніва на самай справе ішлі, што называецца, “жатка ў жатку” – разрыў паміж першым, другім і трэцім месцамі склаў нават не дні, а лічаныя гадзіны. Першымі “тысячнікамі” сёлета стаў экіпаж камбайнераў Юрыя Сідарука і Міхаіла Пашковіча з СВК “Пакроўскі” - гаспадаркі, якая на працягу многіх гадоў вядома сваімі выдатнымі працоўнымі традыцыямі. На момант нашага візіту тут было ўбрана ўжо больш за 65% пасяўных плошчаў і намалочана каля 4 тысяч тон збожжа.
Багатым на рэкардсменаў сёлета стала і ААТ “Гарадзец-агра”. З мінімальным адрывам ад лідара жніва гарадзецкія камбайнеры заваявалі другое і трэцяе месцы, якія дасталіся адпаведна Васілю Кавалевічу і Фёдару Пакалюку, а таксама Мікалаю Пакалюку і Аляксандру Бараноўскаму.
Дарэчы, Мікалай Пакалюк нядаўна быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Як адзначае механізатар, работы ў гаспадарцы хапае не толькі ў гарачую пару, але і на працягу ўсяго года – толькі камбайн “Джон-Дзір”, на якім у час нашай сустрэчы працаваў Мікалай Анатольевіч, ён змяняе на вялізны шматфункцыянальны “Амкадор”.
- Пачынаў на камбайне “Ніва”, потым працаваў на трактары, зараз вось - на “Джон-Дзіры”, - расказвае Мікалай Пакалюк. – Гаспадарка жыве, людзі працуюць. Моладзь прыходзіць на зямлю – і добрая моладзь. Галоўнае, каб кожны чалавек разумеў важнасць сваёй працы ды рабіў яе сумленна – незалежна ад таго, на якім месцы яна выконваецца.
Дыпломы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі героям жніва ўручылі старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня Кобрынскага гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Міхаіл Трубчык, старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук і кіраўнікі гаспадарак.
- Можна сказаць з упэўненасцю: як у СВК “Пакроўскі”, так і ў ААТ “Гарадзец-агра” працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія добра ведаюць сваю справу, умеюць вырошчваць хлеб і зводзіць да мінімуму ўплыў усіх негатыўных фактараў, - адзначыў Аляксандр Зазуля. – А за добрую працу – шчырае “дзякуй!”
Першыя “тысячнікі” вызначаны. Аднак, як справядліва адзначыў старшыня райвыканкама, заспакойвацца на дасягнутым рана – жніво ў разгары. Яго канчатковы вынік будзе залежаць ад мэтанакіраванасці, засяроджанасці і энтузіязму ўсіх тых, хто сёння працуе на будучы ўраджай.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ: Аляксандр Зазуля віншуе першых “тысячнікаў” раёна з СВК “Пакроўскі” (Міхаіл Пашковіч – трэці злева і Юрый Сідарук – трэці справа); “тысячнікі” з ААТ “Гарадзец-агра” (злева направа): Васіль Кавалевіч, Фёдар Пакалюк, Мікалай Пакалюк і Аляксандр Бараноўскі.
Фота аўтара.