Менавіта з яе – з тонкай кнігі на беларускай мове, якую нашаму сённяшняму субяседніку ў дзяцінстве падаравала маці, - і пачалося вялікае захапленне, якое з цягам часу перарасло ў сапраўдную справу жыцця. Мінулі дзесяцігоддзі - ад часу амаль што сцёрлася цвёрдая вокладка, пажаўцелі старонкі… Аднак кнігу тую пад назвай “Мая першая кніга пра расліны” Мікалай Іванавіч Сідзюк захоўвае і па сённяшні дзень…
- Памятаю, з якой цікавасцю я чытаў і перачытваў яе ў дзяцінстве, - успамінае Мікалай Сідзюк. – А крыху пазней – недзе ў 5-м класе – нават паспрабаваў поўнасцю самастойна вырасціць нешта на ўласным агародзе, – карыстаючыся парадамі з яе старонак. Як гэта ні дзіўна, але ідэя ўдалася – першы ў жыцці ўраджай нават пераўзышоў усе мае чаканні.
Ад дзяцінства – да сталасці
З кожным годам цікавасць да сельскагаспадарчай галіны толькі замацоўвалася. Садзейнічала гэтаму і малая радзіма, вёска Горы Маларыцкага раёна – палі, з трох бакоў акружаныя лесам. Менавіта там Мікалай Сідзюк упершыню ў жыцці ўдыхнуў непаўторны пах збожжавага поля з водарам сасновага бору. І калі надышоў час выбіраць будучую спецыяльнасць, ваганняў не было – пасля школы паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію.
- Што датычыцца самай першай маёй работы,– то знайшоў яе адразу пасля 8-га класа, - расказвае Мікалай Іванавіч. – Цікава, але з сельскай гаспадаркай яна была аніяк не звязана – працаваў я на кінаперасоўцы, памочнікам кінамеханіка. Трэба адзначыць, 60 або нават 75 рублёў на той час былі добрыя грошы – і добрая падмога. Падчас вучобы ў акадэміі паралельна з асноўнай спецыяльнасцю асвойваў прафесію рэжысёра.
Здавалася б – якая тут сувязь? Не скажыце. Як адзначае сам Мікалай Сідзюк, той курс даў яму найкаштоўнейшае ў жыцці ўменне – знаходзіць падыход да любога чалавека. Менавіта гэты талент, з яго ўласных слоў, неаднойчы дапамагаў у складаных жыццёвых абставінах на працягу ўсяго жыцця.
Першыя крокі - па свежай раллі
Рабіць іх – ужо ў якасці агранома пасля заканчэння акадэміі – Мікалаю Сідзюку давялося ў калгасе “Запаветы Ільіча” – сёння гэта СВК “Батчы”, а настаўнікам быў старшыня гаспадаркі – на той час на гэтай пасадзе працаваў Мікалай Юркевіч.
- Памятаю, прыходжу я ў калгас зімою 1974 года, а праз пару месяцаў – першая пасяўная, - усміхаецца Мікалай Іванавіч. – Старшыня за мной першы год паездзіў, увёў у курс спраў – а на другі і гаворыць – маўляў, усё. Вучоба скончылася – у мяне шмат работы па будаўніцтву, а ты, Мікалай, працуй. Шчыра кажучы, цяжка было – не перадаць. Скажу без перабольшвання – усе палі ў той гаспадарцы перамераў уласнымі нагамі ад мяжы да мяжы. І да сённяшняга дня іх памятаю…
Як адзначае Мікалай Сідзюк, менавіта тая “юркевіцкая” школа стала для яго сапраўдным стартам – прычым не толькі ў прафесіянальным плане. Самае галоўнае – менавіта там, пад цяжарам вялікай адказнасці, што ўсё залежыць толькі ад цябе самога і ад твайго ўзроўню – ён навучыўся прымаць самастойныя рашэнні і ўвасабляць іх у жыццё. Праз некаторы час Мікалай Сідзюк ужо стаў намеснікам старшыні, а яшчэ пазней – галоўным аграномам раёна.
- Памятаю, калі прыйшоў з гэтай звесткай да старшыні, сутыкнуўся з цікавым стаўленнем, - расказвае Мікалай Іванавіч. – Вось уявіце сабе – што звычайна адчувае кіраўнік, калі ад яго забіраюць спецыяліста? А Мікалай Юркевіч сказаў мне шчыра: “Ідзеш на павышэнне? Малайчына. Я задаволены”. Вось гэта – па-чалавечы.
З раённай пасады ў хуткім часе, з 82-га года, давялося ўзначаліць калгас імя Леніна (сёння – ААТ “Астромічы”). Вось тут і спатрэбіліся адразу ўсе навыкі, якія Мікалай Сідзюк атрымліваў на працягу жыцця.
- Ведаеце, адразу пасля аб’яднання гаспадарак імя Леніна і Мічурына ў красавіку 1984-га даводзілася цягаць малакавоз на фермы гусенічным трактарам – інакш было не праехаць, - успамінае Мікалай Іванавіч.- Вось з тых самых гравійных дарог мы, можна сказаць, і пачыналі – з 83-га года па 89-ты ўсяго ўдалося зрабіць іх каля 30-ці кіламетраў. А яшчэ – жыллё, будаўніцтва, не гаворачы ўжо пра ўраджай і паказчыкі – якіх, як вядома, ніхто не адмяняў. Памятаю, як будавалі ў Плянце дзіцячы садок гаспадарчым спосабам, па вельмі цікавым, нетыповым праекце. А калі хочаце будаваць па нетыповым праекце, гаворыць начальства – калі ласка, каб там было супрацьрадыяцыйнае сховішча. Уздыхнулі, а што рабіць? Збудавалі і тое сховішча – лічыце, яшчэ адзін такі ж садок, толькі пад зямлёю.
Але з дзіцячым садком будаўніцтва не скончылася – прыйшла чарга Запрудскай школы. Як адзначае сёння Мікалай Іванавіч, у старым будынку школы вучыцца было ўжо немагчыма.
– Будынак школы ў Запрудах быў стары, - успамінае Мікалай Сідзюк. - Вазіць дзяцей у Астромічы? Таксама не варыянт – гледзячы на дэмаграфію, іх станавілася ўсё больш і больш, а школа ў Астромічах была і так перапоўненая. Такім чынам, трэба будаваць сваю… Прыходзіць да мяне, памятаю, дырэктар школы Пётр Сцяпанавіч Пушко з праектам – калгас дае брыгаду. Так, пад выглядам рэканструкцыі і вырасла новая школа – зрабілі сваімі сіламі.
Пакінуў свой след Мікалай Сідзюк і ў развіцці дзіцячай творчасці – менавіта ў час яго кіраўніцтва ў 1985-м годзе ў Астромічах была адкрыта калгасная музычная школа – з’ява на самой справе ўнікальная.
- Еду аднойчы ў Кобрын – гляджу, а на дарозе дзіця са скрыпкай стаіць, - успамінае Мікалай Іванавіч. – Спыніўся, падвёз. Аказалася – з Астроміч, а ў музычную школу даводзіцца кожны раз дабірацца. І з’явілася думка – а чаму б не зрабіць музычную школу на месцы? Пачалі мы з Галінай Ігнатчук меркаваць. Спачатку атрымалася ў нас музычная студыя – а крыху пазней яна перарасла ў музычную школу, у якой займалася каля 50 дзяцей. Школа была на балансе калгаса – у калгасе атрымлівалі зарплату і выкладчыкі, з часам знайшлі інструменты – быў і свой вакальна-інструментальны ансамбль.
З апошнім, дарэчы, звязаны адзін цікавы выпадак. Давялося аднойчы выступаць перад палякамі. А каб, што называецца, “бліснуць” – вырашылі праспяваць песню на польскай мове. Літаральна за дзень да выступлення шліфавалі вымаўленне польскіх слоў – з дапамогай мясцовай жыхаркі польскага паходжання Лідзіі Ляўчук. Як успамінае Мікалай Сідзюк, напярэдадні таго канцэрта ён усю ноч шліфаваў праграму – каб усё было выдатна. Калі канцэрт адбыўся, захапленню і апладысментам польскіх гасцей не было канца.
Шмат гадоў прайшло з той пары – з часам школа была перададзена на баланс дзяржавы. Многія выпускнікі той самай былой калгаснай музычнай школы скончылі музычныя вучылішчы і кансерваторыі. І зараз усе канцэрты навучэнцаў Астроміцкай музычнай школы адрозніваюцца сваім высокім узроўнем і заўсёды карыстаюцца нязменным поспехам.
Ад практыкі – да наватарства
Чарговы этап – цяпер ужо навуковай дзейнасці – для Мікалая Сідзюка пачаўся ў 1993-1994 гадах, калі ўзнікла пытанне аб будаўніцтве ў калгасе “Запаветы Ільіча” хмельніка, і было заснавана закрытае акцыянернае таварыства “ЗІКО” – якое ён і ўзначальваў. Пытанне знайшло адабрэнне, але справа вытворчасці хмелю – рэч новая. Зразумела – у першую чаргу патрэбны былі тэхналогіі… У пошуку іх нашы спецыялісты апынуліся спачатку на Украіне, потым – у Польшчы. А яшчэ пазней Мікалай Сідзюк трапляе на стажыроўку ў Чэхію – у інстытут хмеляводства.
- Цікавы факт – чэшскім спецыялістам спадабалася, што да іх прыехалі стажыравацца людзі без вопыту хмеляводства, - расказвае Мікалай Сідзюк.- У нашай справе моцныя традыцыі, як ні дзіўна, далёка не заўсёды ідуць на карысць – часта яны накладваюць адбітак на больш прагрэсіўныя метады.
А калі, нарэшце, пасля ўсіх цяжкасцяў і перыпетый першы ўраджай хмелю ўсё ж такі быў атрыманы, здзівіліся ўсе – і чэхі, і беларусы. Па якасці шышак і прыросту каранявой сістэмы хмель з чэшскіх саджанцаў, які вырас на беларускай зямлі… пераўзышоў нават чэшскія паказчыкі. І вось за гэтае дасягненне, як адзначае Мікалай Сідзюк, мы зноў павінны быць удзячнымі нашай цудоўнай зямлі… Дарэчы, як адзначалі самі чэхі – прызнаныя майстры піваварнай прамысловасці, менавіта добрая сыравіна – у тым ліку хмель - і ёсць галоўнае складаемае якаснага піва. А ад самога півавара патрабуецца, на іх погляд, усяго толькі… сумленне.
На “хмелевай ніве” Мікалай Іванавіч шмат разоў прымаў удзел у міжнародных навуковых камісіях, абменьваўся вопытам з замежнымі партнёрамі. Аднак, як кажуць, на хмелем адзіным. Акрамя яго, займаўся вырошчваннем хрэну – а таксама суправаджэннем такой экзатычнай культурай, як кавуны. Сёння паняцце “беларускі кавун” ужо становіцца звычным – між тым, зусім нядаўна гэтая вялізная ягада была ў нас толькі прывазной. Што ж такога прывабнага ў вырошчванні паласатых прыгажуноў?
- Па-першае, кавуны здольныя выдатна расці там, дзе больш ніякага добрага ўраджаю не дачакаешся, напрыклад, на пясчаных глебах, - расказвае Мікалай Іванавіч. - Па-другое, іх проста ўбіраць. Ну а для зніжэння сабекошту – каб наш пакупнік меў магчымасць набыць кавуны па нізкай цане, патрэбныя вялікія аб’ёмы. Так, напрыклад, ужо ў бягучым годзе ў СВК “Бельскі” пад гэтую культуру плануецца адвесці каля 10 гектараў.
А яшчэ Мікалай Іванавіч з’яўляецца аўтарам тэхналогіі вырошчвання агуркоў-карнішонаў на шпалерах. Гэта дазваляе атрымліваць ураджай маленькіх і смачных агурочкаў да 300 кілаграмаў з 20 квадратных метраў, зразумела – пры ўмове стараннасці. Дарэчы, распрацоўваць гэтую тэхналогію можна і на ўласным участку – без прыцягвання якіх-небудзь вялікіх інвестыцый.
Здаецца, што слухаць захапляючыя расказы гэтага чалавека пра яго работу можна бясконца – нягледзячы на тое, з’яўляешся ты спецыялістам у аграпрамысловай галіне ці не. Дарэчы, менавіта сёння Мікалаю Сідзюку спаўняецца 60 гадоў – у сувязі з чым мы жадаем яму і далей захоўваць сваю непаўторную энергію і ўносіць такі ж актыўны ўклад у развіццё нашай сельскай гаспадаркі. Пасля гутаркі з ім чамусьці прыходзіць упэўненасць, што менавіта на такіх людзях – сапраўдных энтузіястах сваёй справы, якія не за грошы, не за заробак – а за любоў да роднай зямлі аддаюць сябе справе цалкам і поўнасцю - і трымаецца наша айчынная навука. І менавіта ім – як старонкі той самай матчынай кнігі, адну за адной раскрывае ўдзячна свае самыя глыбокія таямніцы наша зямля…
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота Анатолія Шугая.
Поделиться в соцсетях: