З мая-чэрвеня і да канца кастрычніка ідзе сезон нарыхтовак у раённым спажывецкім таварыстве. Аб тым, якую прадукцыю тут прымаюць і па якой цане, якія пры гэтым неабходны дакументы і куды яна потым накіроўваецца, наш карэспандэнт пацікавіўся ў начальніка аддзела нарыхтовак арганізацыі Галіны Фіцук.
- Не сакрэт, што ў апошнія гады назіраецца вялікі попыт на чарніцы...
- Нашым таварыствам закуплена 7 тон чарніц, прычым пачыналі закупкі з 10000 рублёў за кілаграм, а заканчвалі ўжо па 21000 рублёў. І хоць аб’ёмы закупак у параўнанні з мінулым годам мы павялічылі ў 2,6 раза, канчатковы вынік нас не вельмі задаволіў. Імкнуліся закупіць 20 тон чарніц, аднак паўплывалі розныя фактары.
- Ці ўзраслі ўвогуле аб’ёмы нарыхтовак у параўнанні з мінулым годам?
- Так. За сем месяцаў намі нарыхтавана сельскагаспадарчай прадукцыі на 2 мільярды 615 тысяч рублёў, што складае 108,4% тэмпу росту ад запланаваных 107%. З агульнага аб’ёму нарыхтовак у насельніцтва было закуплена прадукцыі на 1 мільярд 677 мільёнаў рублёў. Аб эфектыўнасці дзейнасці галіны сведчыць прыбытак за першае паўгоддзе ў 114 мільёнаў рублёў.
- Дарэчы, яшчэ якія ягады закупляе раённае спажывецкае таварыства у насельніцтва? Куды потым ідзе прадукцыя?
- Неўзабаве пачнем прыёмку рабіны чырвонаплоднай і чарнаплоднай: прыблізны кошт на апошнюю – 1500 рублёў за кілаграм. Сезон закупкі чорных парэчак ужо скончыўся – усяго іх нарыхтавана 1 тона 400 кілаграмаў. Уся прадукцыя была накіравана на перапрацоўку на наш Кобрынскі кансервавы завод, куды пастаўляем і іншую агародніну і садавіну. Таксама ў нас заключаны дагаворы на адпраўку прадукцыі з камбінатам “Брэсцкае піва”, Пінскім, Пружанскім і Слонімскім вінаробнымі заводамі – туды адпраўляем у асноўным яблыкі, з Баранавіцкім камбінатам харчовых прадуктаў. Дагаворы на прыём прадукцыі заключаем таксама з насельніцтвам, фермерамі, уласнікамі прысядзібных гаспадарак.
- Якія неабходна мець на руках дакументы пры здачы сельскагаспадарчай прадукцыі?
- Даведку з сельскага выканкама аб наяўнасці прысядзібнага ўчастка. Аднак калі такой даведкі няма ў наяўнасці, мы ўносім прозвішча здатчыка ў агульную ведамасць, якая потым завяраецца ў тым жа сельскім выканкаме. Калі прадукцыя здаецца ў значных аб’ёмах – таксама неабходна мець даведку з лабараторыі рынку.
Падрыхтаваў Ян ПАЛЕСКІ.
Поделиться в соцсетях: