Мабыць, немагчыма знайсці хаця б адно такое свята, якое спакон вякоў займала б у жыцці народа больш важнае месца, чым свята ўраджаю. Таму што немагчыма памяняць адносіны да таго, што тысячагоддзямі з’яўлялася першароднай каштоўнасцю і сапраўдным сімвалам дабрабыту і новага жыцця. Гэта ў чарговы раз пацвердзіла ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, якое адбылося нядаўна ў Кобрынскім Палацы культуры. У фае была разгорнута творчая фотавыстава журналістаў “Героі жніва 2014 года на старонках раённай газеты “Кобрынскі веснік”, а таксама шэраг дэгустацыйных выстаў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.
- Сельская гаспадарка – гэта галіна, ад якой, без перабольшання, залежыць стабільнасць усяго нашага раёна, - адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Праблемы ёсць, але трэба адзначыць, што ёсць і пазітыўная дынаміка. Сёлета па раёне забяспечаны станоўчыя тэмпы росту вытворчасці малака, атрымалася нарасціць аб’ёмы прадукцыі раслінаводства, вырасла ўраджайнасць усіх асноўных сельгаскультур, практычна ўсе гаспадаркі правялі азімую сяўбу ў аптымальныя тэрміны. Але, безумоўна, застаюцца і свае цяжкасці. Менавіта таму сённяшні дзень – не толькі прафесіянальнае свята, але і добрая нагода задумацца.
Як падкрэсліў старшыня райвыканкама, Кобрыншчына ганарыцца поспехамі ў сферы вытворчасці малака, дасягнутымі СВК “Узыходзячая зара”, дзе за 10 месяцаў надоена 6334 кілаграмы малака ад адной каровы і 64% малака прададзена дзяржаве гатункам “экстра”. Добра прыбавілі ў гэтай галіне ААТ “Гарадзец-агра”, СВК “Батчы”, ААТ “Агра-Кобрынскае”, УП “Сяльгас-Павіцце”, ААТ “Племзавод “Дружба”, ААТ “Астромічы”, СВК “Любань”. За 10 месяцаў бягучага года валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі выраблена на 789 мільярдаў рублёў, прырост да вынікаў мінулага года склаў 106,1%. Усяго з кукурузай па раёне сабраны рэкордныя 119 тысяч тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне склала 35,8 цэнтнера з гектара, што на 7,8 цэнтнера з гектара вышэй за мінулы год. Лепшай у раёне і ў вобласці ўраджайнасці дабіліся ў ААТ “Агра-Кобрынскае” – 75,2 цэнтнера з гектара, выдатныя вынікі ў СВК “Узыходзячая зара”, СВК “Пакроўскі”, СВК “Вербнае”, ААТ “Стрыгава”, ААТ “Гарадзец-агра”. Значных прыростаў у свінагадоўлі дасягнулі жывёлаводы “Узыходзячай зары”. Адным словам, вынікі ёсць.- Безумоўна, сёлета Брэстчына дастойна падышла да гэтага свята, уносячы добрую лепту ў агульны каравай краіны, - адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар. – І Кобрынскі раён унёс у гэтыя дасягненні свой пасільны ўклад. Па шэрагу паказчыкаў, зразумела, яшчэ трэба падцягнуцца – і будзем спадзявацца, што сітуацыя будзе выпраўлена. Аднак нягледзячы на недахопы хацелася б адзначыць, што сёння ў рабоце сельскагаспадарчага комплексу Кобрыншчыны ёсць пазітыўныя тэндэнцыі, з якімі мы завяршаем гэты год. Ну а кабрынчанам хацелася б сказаць шчыры “дзякуй” за гэтыя вынікі і пажадаць далейшых поспехаў.За кожным з гэтых дасягненняў стаіць штодзённая праца тых, для каго работа на зямлі стала шляхам жыцця. У гэты дзень яны атрымлівалі ўзнагароды і віншаванні, якія знаходзілі аператараў машыннага даення, механізатараў, вадзіцеляў, аграномаў – і, зразумела, кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый.- Тое, з чым мы сёлета прыйшлі да гэтага свята, і той выдатны ўраджай, які мы сабралі ў гэтым годзе, – гэта, безумоўна, заслуга ўсяго нашага калектыву, - падзяліўся сваімі думкамі старшыня ААТ “Гарадзец-агра” Іван Цецярук. – А ўсім працаўнікам сельскагаспадарчай галіны хацелася б пажадаць, у першую чаргу, сямейнага дабрабыту і здароўя, якое ў рабоце на зямлі вельмі патрэбна.Нам застаецца толькі далучыцца да ўсіх гэтых добрых слоў і віншаванняў у адрас працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. І няхай заўсёды, нібыта з сімвалічнага рога дастатку, які ва ўрачыстай атмасферы быў уручаны старшыні райвыканкама Аляксандру Зазулі старэйшай каравайніцай Таццянай Юшчук, сыплецца на тых, хто так ці інакш звязаны з працай на зямлі, цяжкае золата багатых ураджаяў і новых дасягненняў.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: