У мінулым годзе сельгаскааператыў “Узыходзячая зара” ўзначаліла Таццяна Дземідзюк. Нарадзілася яна ў в. Хідры. Усе яе продкі - працаўнікі сяла. Таму Таццяна Паўлаўна добра ведае, што такое вясковае жыццё, якія патрэбы маюць мясцовыя сем’і, супрацоўнікі СВК. Па адукацыі кіраўнік гаспадаркі – эканаміст. Ці складана наогул кіраваць складанай гаспадаркай жанчыне? На гэта пытанне Таццяна Дземідзюк адказала з усмешкай:
- Лічу, што галоўны акцэнт у рабоце для мяне як кіраўніка трэба рабіць на павышэнне матэрыяльнага дабрабыту кожнага работніка, ствараць максімальна камфортныя ўмовы для працы і адпачынку, адпаведна з вынікамі працы заахвочваць людзей.
У маі пачалася работа па рэканструкцыі свінагадоўчага комплексу ў в. Хідры. Цяпер тут размяшчаецца дзесяцітысячнае пагалоўе свіней. Па стане на 1 снежня за бягучы год гаспадарка рэалізавала дзяржаве 3300 тон мяса. Дадаткова пабудаваны тры новыя вытворчыя будынкі.
Адміністрацыя “Узыходзячай зары” працуе ў цесным кантакце з вучонымі Беларускай акадэміі навук, якія ўкараняюць свой пілотны праект - манціруюць найсучаснейшае тэхналагічнае абсталяванне па праграме імпартазамяшчэння за кошт рэспубліканскага інавацыйнага фонду. Аналагічныя работы вядуцца і на свінакомплексе в. Пецькі. Сёлета дзякучы падтрымцы ААТ “Белаграпрамбанк” было асвоена прыкладна 11 млрд. рублёў на рэканструкцыі свінакомплексу.
Поспехі жывёлаводаў грунтуюцца на высокаразвітым раслінаводстве. Нягледзячы на сціплую бальнасць зямлі – 26,7 - аграномы навучыліся вырошчваць кукурузу, іншыя культуры. Па выніках мінулага года СВК “Узыходзячая зара” заняў чацвёртае месца ў вобласці па вытворчасці кармавых адзінак на балагектар. Нядрэнная рэнтабельнасць вытворчасці гаспадаркі – 13 працэнтаў - дазваляе паляпшаць заработную плату, якая ў сярэднім па выніках 11 месяцаў складае 923000 рублёў.
Прэзентабельна выглядае сацыяльна-бытавая інфраструктура Хідрынскага аграгарадка. Будуюцца новыя дамы для спецыялістаў, рэканструюцца вуліцы, іншыя аб’екты і ўстановы. Завяршылася мадэрнізацыя ведамаснага дзіцячага садка “Сонейка”, які наведваюць 34 хлопчыкі і дзяўчынкі.
- Як дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу, кіраўнік кааператыву хачу пажадаць сваім калегам, каб кожны годна працаваў, меў дастойныя заробкі і выбраў для сваёй краіны мір і росквіт, - гаворыць Таццяна Дземідзюк.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна Дземідзюк (у цэнтры) з аператарамі машыннага даення Наталляй Каракоўскай і Наталляй Самасюк (справа) у будынку малочнатаварнай фермы ў в. Каташы.
Поделиться в соцсетях: