Прогноз погоды
Вс, 18 мая 2025

28 августа прошел праздник традиционной культуры «Золото полей».

04/09/2015 Сельское хозяйство Праздники Творчество

Здаўна на Прачыстую нашы продкі адзначалі дажынкі. І сёння традыцыя віншаваць хлебаробаў у гэты дзень працягваецца. 28 жніўня свята традыцыйнай культуры “Золата палёў” сабрала сваіх герояў на аграсядзібе “Студзінка”.
Сёлета віншаваць аграрыяў асабліва прыемна - з улікам проса і грэчкі, нягледзячы на цяжкія прыродныя ўмовы,  намалот склаў больш як сто тысяч тон.
Яшчэ да пачатку свята госці маглі пазнаёміцца з новай сельгастэхнікай. Паабапал сцэны, нібы два асілкі, былі прадстаўлены камбайны, а побач зусім новы трактар “Беларус–2022.6” Мінскага трактарнага завода. Паводле слоў трактарыста-выпрабавальніка ААТ “Кісялёўцы” Паўла Хоміча, гэта прынцыпова новы трактар, які мае стандарт паліва “Еўра-6”, а гэта значыць, што ён з’яўляецца поўнасцю экалагічна чыстым і будзе пастаўляцца ў Еўропу. Дарэчы, спецыяльна на свята навінка сваім ходам прыбыла з Мінска за 13 гадзін.
І вось падышоў час аддаць пад сярпы апошні кавалачак поля. Да яго на падводах жнеі, мужчыны і маладыя дзяўчаты адправіліся з дажыначнымі песнямі. Там гаспадар аграсядзібы Васіль Новік абышоў загон, акрапіў святой вадой, была прачытана малітва, і жнеі пачалі сваю справу. Жанчыны спрытна і ўмела ўпраўляліся сярпамі, клалі калоссе ў снапы, перавязвалі іх, мужчыны ставілі копы. Пасля, паклаўшы частку снапоў на падводы, жнеі адправіліся да сцэны.
Пад выкананне фальклорнымі калектывамі жніўных песень снапы паставілі ля сцэны, свята пачалося. Да гасцей звярнуўся старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля. Ён адзначыў, што аграрыі годна вытрымалі ўсе выпрабаванні, і дзякуючы намаганням усіх наш раён мае сто тысяч тон збожжа. Са словамі віншавання выступілі начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Кобрынскага райвыканкама Сяргей Дзенісевіч і Васіль Новік.
Аляксандру Зазулі, Сяргею Дзенісевічу, Мікалаю Новіку, кіраўнікам гаспадарак раёна ўручаюцца духмяныя караваі.
Уручэнне прэмій і падарункаў механізатарам, вадзіцелям – усім героям жніва перамяжоўвалася прыгожымі песнямі, якія выконвалі фальклорныя калектывы “Зараніца”, “Ясніца”, “Магдаліна”, а таксама пераможца раённага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні Наталля Пушыла і народны тэатр песні, музыкі і гульні “Крынічка”.
Далей свята прадоўжыў раённы этап конкурсу сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, які не першы раз праводзіцца пад эгідай Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У конкурсе традыцыйна прымаюць удзел маладыя сем’і, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Сёлета паступіла шэсць заявак: сем’і Віктара і Ганны Ляўчук з аг. Хідры, Андрэя і Надзеі Сухарэвіч з Павіцця, Руслана і Вольгі Базільчук з Гарадца, Аляксея і Алесі Цямчык з Буховіцкага сельвыканкама, Андрэя і Антаніны Курышкі з Кісялёўцаў і Аляксандра і Наталлі Свідуновіч з Дзівіна.
Рыхтаваліся загадзя. Так, напрыклад, на “Выставе сямейных дасягненняў” можна было пакаштаваць выпечку, хатнія стравы, паглядзець вышыўку і іншыя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Конкурс візітак “Вітаем па-беларуску” дазволіў бліжэй пазнаёміцца з канкурсантамі, дарэчы, усе, у тым ліку і дзеткі, былі апрануты ў беларускае народнае адзенне. “Творчая гасціная” раскрыла таленты ўдзельнікаў – са сцэны гучалі вершы, прыпеўкі ў выкананні дзетак і матуль, выконваліся сцэнкі.
Цікавыя спаборніцтвы разгарнуліся на рабочай пляцоўцы - гаспадарам трэба было на хуткасць насячы дроў і з палення з жонкамі скласці слова “сям’я”. У час конкурсу “Святочны воз”. У ім мужчыны змянілі звыклы руль аўтамабіля на лейцы і прадэманстравалі фігурнае кіраванне возам.
Любы селянін павінен умець поле ўзараць. І гаспадары сталі за плуг, каб узараць баразну, жонкі паводзілі каня.
Па выніку ўсіх конкурсаў трэцяе месца заняла сям’я Базільчук, другое падзялілі сем’і  Ляўчук і Свідуновіч. Першае месца ў сям’і Сухарэвіч, якая будзе абараняць гонар нашага раёна на абласным этапе конкурсу на “Дажынках” у г. Іванава, якія пройдуць 12 верасня. Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі і сувеніры.
Да самага вечара са сцэны гучалі песні народных калектываў і эстрадных выканаўцаў, а завяршылася свята “Золата палёў” яркім феерверкам.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара и Романа Мельника.
[gallery link="file" order="DESC" columns="4" orderby="title"]

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу