Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

 Шанаваць прыроду – берагчы сябе

28/11/2018 Творчество Конкурсы

В рамках инициативы «Кобрин спасает климат планеты» (проект международной технической помощи «Поддержка инициативы «Соглашение мэров» в Беларуси») проходит конкурс статей «Эко дружественный горожанин!». Инициатива реализуется при финансовой поддержке Европейского Союза".

Калі мы шануем асяроддзе, дык беражэм сябе, бо самі з’яўляемся часткай прыроды.

Таму штораніцу, калі выходжу на прабежку, збіраю смецце ў сваім двары, на шляху да Мухаўца і ўздоўж набярэжнай паміж мастамі -- аўтамабільным і пешаходным на рачную выспу. Апроч таго, у сваім двары часам прыбіраю ад травы, пяску і іншага смецця латакі залеўнай каналізацыі. І ня бачу ў гэтым нічога дзіўнага і ганебнага, бо такімі справамі ў цывілізаваным свеце не грэбуюць кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў, выбітныя дзеячы культуры і навукі…

Разам з тым, паўсюль імкнуся рухацца пешшу ці роварам, нават калі вандрую па Кобрыншчыне і прылеглых да яе раёнаў. Насамрэч, не параўнаць язду на аўто з хадою ў пагодлівы дзянёк. Ідзеш сабе, а настрою надае ласкавае сонейка, прыемны сухі вецярок з палёў і цудоўны палесскі краявід, што ўпрыгожваюць шашэйкі, абсаджаныя дрэвамі. Увогуле, у заходнім Палессі кожнага ўражваюць старасвецкія прысады ўздоўж трактаў, бо гэткія краявіды ня толькі пераносяць у мінулае, але і даюць пешаму вандроўніку адчуванне ўтульнасьці і гасціннасьці. Дарэчы, зараз зрэдку сустрэнеш  падарожніка, хто пехам, як бывала, ідзе ад вёскі да вёскі…

І яшчэ адно лічу важным. Каб тутэйшыя больш паважліва ставіліся да шматаблічнай прыроды, а край займеў большую турыстычную прывабнасць, трэба шырэй інфармаваць грамадства пра рэлікты мясцовай флоры і фаўны. Часцяком падыходжу да старога дубу, што ўзвышаецца ля ходнікаў на адной з цэнтральных вуліцаў Кобрыну — Савецкай. І заўжды ахоплівае хваляванне, бо гэтае моцнае і прыгожае дрэва прыцягвае і натхняе.

Ад дубу патыхае не толькі старасветчынай, легендамі і мітамі, але, найперш, жыццяздольнасцю і ўпартасцю. Бо выжыць і захавацца сярод закалотаў часу і не вельмі спрыяльнага навакольнага асяродку можа не кожнае прыроднае тварэнне. А дуб здолеў. І таму склалася колькі радкоў у гонар гэтага ўнікальнага дрэва.   “Слова пашаны дубу „Кобрынцу“

Гэтаму магутнаму помніку айчыннай прыроды — найстарэйшаму дрэву горада — больш за 500 гадоў. Шмат велічнага і трагічнага пабачыў дуб ажно з часоў Кобрынскага княства.     

Дуб — сведка мінуўшчыны краю ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Другой Рэчы Паспалітай, Савецкага Саюза і ўрэшце Рэспублікі Беларусь. Ён бачыў узвышэнне, заняпад і аднаўленне Кобрыншчыны. Побач з дубам адбываліся сутычкі шматлікіх войнаў, у тым ліку Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў, Паўночнай 1700–1721 гадоў, трох падзелаў Рэчы Паспалітай, Расіі з Францыяй 1812 году, Першай сусветнай, Савецка-польскай 1919-1921 гадоў, Другой сусветнай, а таксама нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1794, 1830–1831, 1863–1864 гадоў. 

Пад дубам збіраліся паўстанцы, сустракаліся закаханыя, адпачывалі ад стомы, ладзілі скокі і спявалі гусляры, на галінах дрэва гушкалі арэлі і шугалі вавёркі, у бухматай кароне гнездавалі птушкі, а жалудамі кармілася звяр’ё. Дуб стаў знакам дабрыні і ласкі, моцы і непахіснасці, сівой даўніны і пераемнасці пакаленняў. Таму святлеюць нашыя твары, калі падыходзім да “Кобрынца”, любуемся ім, абдымаем яго, уздымаем галаву і кранаем шурпатую кару валадара беларускага лесу.

Яго жыццяпіс увабраў тысячы світанкаў і захадаў сонца, народзінаў, росквіту і сконаў шматлікіх пакаленняў кобрынцаў, узораў іхнага змагання за Свабоду ад бяспраўя, цемрашальства, хлусні, галечы і гвалту. Доўгі век гэтага дуба-асілка нагадвае пра імгненнасць чалавечага быцця і неабходнасць пражыць яго для сваёй Бацькаўшчыны плённа і прыгожа”.

Спадзяюся, што некалі дуб “Кобрынец” упрыгожыць шыльда з гэтымі словамі.

З павагай, жыхар Кобрыну Марат Гаравы.

 

 

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу