Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Як зіму «замаслівалі»

02/03/2017 Конкурсы

Прывітанне, Масленіца, і бывай…

Масленица 1

Колькі б не лютавала зіма, пасылаючы людзям іспыты то ў выглядзе калючых вятроў з завірухай, то траскучых  маразоў або пранізлівага дажджу, але  прыйшла Маленіца, значыць і вясну за сабой прывяла. Проста тая не паспела яшчэ як след заступіць на свой трон. А для таго, каб зіма, нарэшце-такі, злітавалася, і разгарнуліся ў апошнюю нядзелю лютага шырокія масленічныя гулянні ў гарадскім парку. Як толькі не “замаслівалі” ў гэты дзень паспеўшую ўжо надакучыць зіму.

З самага ранку  і казачная карэта, і зімовыя сані, і вясёлы аўтапоезд  гатовы  былі пракаціць сваіх пасажыраў  па чароўнай краіне, у якую ператварыўся ў гэты дзень парк. А ў тым, што ён сапраўды нагадваў нейкую казку, можна было ўпэўніцца ў любой яго кропцы. У бюста А.В.Суворава конкурс тэатралізацый народных казак, які прадстаўлялі вучні розных школ горада, даў магчымасць на нейкі час дарослым апынуцца ў сваім дзяцінстве, а маленькім гледачам упэўніцца, што цуды, сапраўды, існуюць.

Не паспелі яшчэ казачныя персанажы сысці з падмосткаў, як загучалі чароўныя мелодыі і спевы, якія яшчэ больш паднялі вясёлы святочны настрой, што панаваў у парку.  Каму, як не ім, народным калектывам Стрыгаўскага і Астроміцкага цэнтраў вольнага часу і культуры, вядома, як можна хутчэй растапіць халоднае зімовае сэрца, бо рабілі яны ўжо гэта не раз. І зіма, сапраўды, плакала, ціха пасылаючы лёгкія сняжынкі з пахмурнага неба, якія раставалі, не паспяваючы дакрануцца да зямлі.

А Масленіца тым часам працягвала свае забавы. У гульнёвых праграмах,  прадстаўленых на любы густ і ўзрост, а тут табе і снежныя бітвы, і зімовы боўлінг, і гонкі на мётлах для малых,  пацехі скамарохаў, пеўневыя баі і, вядома ж, такі недасягальны стоўб з загадкавым прызам на самым версе для дарослых.  Хоць не такі ўжо ён аказаўся для некаторых - самых смелых і адважных - і недасягальны. Былі б толькі жаданне і спрыт! А іх у тых, хто прыйшоў задобрыць зіму, было з лішкам.

А як жа бліны? – запытаецца той, каму не пашчасціла па нейкіх прычынах  далучыцца да масленічных гулянняў.

Не паласаваўся імі ў гэты дзень хіба што самы лянівы і нецярплівы. А да бліноў быў цёплы чай з водарам вясны, духмяныя кашы, булёны ды шашлыкі, ад паху якіх слюнкі цяклі.

Захаваць у сваім сэрцы цёплыя масленічныя ўспаміны і зрабіць прыемны падарунак блізкім у нядзелю даравання можна было з дапамогай памятных сувеніраў, зробленых народнымі ўмельцамі, якія шырока прадстаўляліся ў гандлёвых палатках.

Масленица 2

І вось, нарэшце, спалена пудзіла, змоўкла музыка, сціхлі спевы. Вясна спынілася на парозе. А з ёю і пост, самы строгі ў годзе, за які ў людзей будзе час на хвіліну для малітвы, звернутай да Бога і сваёй  душы, час на роздум над сэнсам жыцця, магчымасць  дараваць чужыя грахі, папрасіць прабачэння ў блізкіх за нанесеныя крыўды.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: масленічныя гулянні.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу